Бабруйскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. Я. Ларына, колішнія назвы Бабруйскае мастацкае вучылішча, Гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 15 — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова Рэспублікі Беларусь, адна са старэйшых сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў у сферы культуры[1].
Гісторыя каледжа пачалася ў 1958 годзе з адкрыцця ў Бабруйску школы столяраў-чырванадрэўшчыкаў. Праз два гады на базе гэтай школы было створана гарадское прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 15. У 1992 годзе навучальная ўстанова была пераўтворана ў «Вышэйшае прафесійнае вучылішча дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва № 15» (ВПВДПМ № 15). Навучэнцы набылі магчымасць атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю па прафесіях педагагічнага цыклу. Праз восем гадоў адбылося чарговае пераўтварэнне, у выніку якога навучальная ўстанова стала называцца «Бабруйскі прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва». У 2001 годзе «Бабруйскі прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва» перайменаваны ва ўстанову адукацыі «Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж». У 2010 УА "Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж" перайменаваны ва ўстанову адукацыі «Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж імя А. Я. Ларына».