wd wp Пошук:

Астрожская сотня

Астрожская сотня — адна з 15 соцень Магілёва і найбольш буйная частка Нагорскага пасада ў межах Бліжняга вала.

На яе тэрыторыі знаходзіліся замак, гандлёвая плошча[1], будынак магістрата[2] з ратушай, гарадская турма, гасцінны купецкі дом[2], Спаская[1], пабудаваная першапачаткова ў 1478 годзе з манастыром[2], і Богаяўленская цэрквы[1] з манастыром, пабудаваная ў 1636 годзе[2], першы каталіцкі фарны касцёл[1], пабудаваны ў 1610 годзе на месцы цяперашняй ATС, езуіцкі касцёл, пабудаваны ў 1680-1690 гадах[2], цэхавыя будынкі брацтваў[1]. Тут жа пры царквах і касцёлах размяшчаліся прыходскія могілкі[2].

У гэтай сотні жыла найбольш заможная частка насельніцтва: купцы, члены магістрата, шляхта і духавенства[2], дамы якіх не захаваліся[1]. Да яе ж адносілася насельніцтва, якое жыло пад Замкавай гарой на левабярэжжы Дубравенкі ад вусця да моста па вуліцы Лазарэнкі.

Шчыльна забудаваныя вуліцы (Вялікая Шклоўская, Спаская, «Няхведаўская» і інш.) утваралі невялікія кварталы няправільнай формы. У 1604 годзе ў сотні было 110 прыватнаўласніцкіх зямельных надзелаў[1].

Цяпер на тэрыторыі былой сотні знаходзяцца парк імя Максіма Горкага, плошча Славы, пачатак Першамайскай і Ленінскай вуліц да Камсамольскай, вуліцы Вал Чырвонай Зоркі (да вуліцы Болдзіна)[1], а таксама цяперашні спуск да Дняпроўскага моста[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 Могилевский Кремль.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Иероним Иосифович Филиппович. Мифы Могилёва Архівавана 5 сакавіка 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Стары горад (Магілёў)
Катэгорыя·Сотні Магілёва