Арт Сядзіба — культурная пляцоўка і грамадская арганізацыя, якая нарадзілася ў канцы 2011 года ў Мінску[1].
Першая «Арт Сядзіба» адчынілася 24 снежня 2011 года ў ГД «Гарызонт». 24 чэрвеня Павел Белавус атрымаў загад да 23 ліпеня вызваліць памяшканне, якое займала творчая ўстанова.
Наступнае памяшканне арганізацыя арандавала па праспекце Пушкіна, 28а. Аднак 28 верасня канцэрт Лявона Вольскага не адбыўся — МНС апячатала памяшканне.
Новая доўгатэрменовая дамова на трэцяе памяшканне была падпісана 20 лістапада. Арэнда была праплочана на 2 месяцы наперад. Аднак 6 снежня Павел Белавус атрымаў прапанову скасаваць дамову з ААТ «РефОйлПродукт» у сувязі з «экстрэмальнай сітуацыяй». Афіцыйнай падставай быў той факт, што памяшканне спатрэбілася ўласніку, ААТ «Сукно», «для ўласных патрэбаў».
Раней «Арт Cядзіба» 8 месяцаў працавала ў памяшканні заводу «Гарызонт». Там паспелі адбыцца дзясяткі сустрэчаў з вядомымі музыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі. У ліпені 2012 году беларускамоўная прастора пазбавілася магчымасці арэндаваць памяшканне, як мяркуюць яе стваральнікі, у сувязі з тым, што права на выступ у «Арт Сядзібе» мог атрымаць кожны. У верасні 2012 сітуацыя паўтарылася: «Арт Сядзібу» зноўку пазбавілі памяшкання [2].
Каля году «Арт Сядзіба» была вымушана існаваць паўпадпольна: пляцоўка месцілася ў звычайнай двухпакаёвай кватэры ў цэнтры Мінску[3], непадалёк ад парку Горкага. За гэты час у падпольным памяшканні правялі каля сотні мерапрыемстваў: ад кватэрнікаў да семінараў, моўных лекцый і прэс-канферэнцый.
З кастрычніка 2013 года «Арт Сядзіба» ўзнавіла сваю дзейнасць як культурная пляцоўка ў Мінску на завулку Інструментальным, 6.