wd wp Пошук:

Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Крукоўскі.

Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі (23 лютага 1901, в. Загалле, Любанскі раён, Мінская вобласць — 2 жніўня 1945, ГУЛАГ) — беларускі геолаг, этнограф і гісторык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Загальскай царкоўнапрыходскай школе. Пасля паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча, якое скончыў на выдатна, але царкоўным служыцелем не стаў, бо марыў працаваць на асветніцкай ніве. Настаўнічаў у сваёй вёсцы, потым вучыўся на курсах беларусазнаўства ў Мінску. У Мазыры выкладаў беларускую мову і літаратуру, працаваў у акруговым аддзеле народнай асветы. Ён быў адным з найбольш актыўных ініцыятараў разгортвання краязнаўчага руху на Мазыршчыне. На працягу некалькіх гадоў узначальваў праўленне акруговага таварыства краязнаўства, якое было найлепшым у рэспубліцы. Таварыства налічвала 39 мясцовых краязнаўчых аб’яднанняў, у якіх было звыш 1100 членаў[1].

Вялікую ўвагу А. I. Крукоўскі надаваў збіранню вуснай народнай творчасці і матэрыялаў для геаграфічных і дыялектных слоўнікаў. Гэтая работа пачалася ў канцы 1926 г. Ён склаў інструкцыю па збіранні матэрыялаў для геаграфічнага слоўніка «Мазыршчына», якая была разаслана ва ўсе раённыя краязнаўчыя таварыствы. Слоўнік павінен быў зафіксаваць і даць поўнае апісанне ўсіх паселішчаў на тэрыторыі акругі, урочышчаў, пагоркаў, нізін, рэк, азёр, сажалак, майстэрняў, лесапільняў, помнікаў і г. д. Праўленне таварыства атрымала 320 апрацаваных у адпаведнасці з інструкцыяй картак, праз год — яшчэ 362. Яшчэ больш масавы характар набыло збіранне матэрыялаў для дыялектнага слоўніка. Пад канец 1927 г. праўленне таварыства мела картатэку, у якую было ўнесена 20 135 дыялектных слоў. А. I. Крукоўскі прыступіў да складання і ў лістападзе 1928 г. слоўнік Мазыршчыны на 10 тысяч слоў паступіў у Слоўнікавую камісію Інстытута беларускай культуры. Друкаванне яго было адкладзена, а рукапіс згубіўся ў час Вялікай Айчыннай вайны[1].

У чэрвені 1930 г. Крукоўскага перавялі ў Менск на пасаду намесніка дырэктара Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, ён займаўся даследаваннем прыродных рэсурсаў Беларусі, пераважна Прыпяцкага Палесся. Вынікам гэтай дзейнасці з’явіўся шэраг навуковых прац і краязнаўчых артыкулаў — «Жалезная руда на Мазыршчыне», «Карысныя выкапні», «Вапняковыя пароды Мазыршчыны», «Горад Мазыр і яго ваколіцы», «Тураў і яго ваколіцы» і іншыя[1].

У 1935 г. А. I. Крукоўскі працаваў дырэктарам Інстытута геалогіі і гідрагеалогіі, затым інжынерам-кансультантам ва Упраўленні воднай гаспадаркі БССР. Член ВКП(б) (да 1935).

Пражываў у кватэры № 2 Дома спецыялістаў па вул. Савецкай у Менску. Быў жанаты, гадаваў дзіця[2].

Арыштаваны 8 снежня 1936 ва ўласнай кватэры. Асуджаны «тройкай» НКУС 30.11.1937 за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 10 гадоў ППК. Этапаваны, хутчэй за ўсё, ва Ухта-Пячорскі, затым Ухта-Іжэмскі альбо Пячорскі канцлагеры НКУС Комі АССР[2]. 3 1937 г. ён — геолаг-разведчык на будаўніцтве чыгункі ў Бурат-Манголіі[1].

Загінуў 2 жніўня 1945 года ў зняволенні. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30.5.1956. Асабовая справа К. № 5949-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[2].

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Аляксандр Іосіфавіч Крукоўскі
  2. 1 2 3 КРУКОЎСКІ Аляксандр Іосіфавіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 23 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бабруйскім павеце
Катэгорыя·Этнографы Беларусі
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута геахіміі і геафізікі НАНБ
Катэгорыя·Памерлі ў 1945 годзе
Катэгорыя·Рэабілітаваныя ў СССР
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Памерлі 2 жніўня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Любанскім раёне
Катэгорыя·Геолагі Беларусі
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў БССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1901 годзе
Катэгорыя·Постаці Мазыра
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі ў ГУЛАГу
Катэгорыя·Геолагі XX стагоддзя
Катэгорыя·Асобы