wd wp Пошук:

Агракліматычныя вобласці Беларусі

Агракліматычныя вобласці Беларусі - вылучаныя на тэрыторыі краіны рэгіёны, якія характарызуюцца пэўнай аднастайнасцю найбольш істотных для земляробства кампанентаў клімату.

Вызначэнне агракліматычных абласцей

Вылучаюцца на аснове фізіка-геаграфічных правінцый. Пры гэтым улічваюцца сумы тэмператур паветра за цёплы перыяд года (перыяд з тэмпературамі паветра вышэй 10°C), каэфіцыент увільгатнення Іванова (адносины колькасці ападкаў за цёплы перыяд года да велічыні выпаральнасці за гэты ж перыяд), кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з тэмпературамі паветра ад 5° да 15 °С і іншыя паказчыкі. Вылучаны тры вобласці, якія падзяляюцца на падвобласці і раёны.

Паўночная вобласць

Паўночная вобласць амаль супадае з Беларуска-Валдайскай фізіка-геаграфічнай правінцыяй. Каэфіцыент увільгатнення за цёплы перыяд больш 1. У адрозненне ад іншых абласцей ніжэйшыя тэмпературы паветра круглы год. Сярэдняя тэмпература ліпеня 17,2°—18°, сту. ад -6,5° да -8,5 °С. Ападкаў пераважна 560—650 мм у год. Вегетацыйны перыяд 180—189 сутак. Устойлівае снежнае покрыва на захадзе ўтвараецца звычайна 15—20 снежня, на ўсходзе ў першай палове снежня; снег сыходзіць 15—20 сакавіка на захадзе, на ўсходзе і паўночным усходзе ў канцы сакавіка — пачатку красавіка.

З-за агульнага пацяплення адбыўся распад паўночнай вобласці са з’яўленнем цяплейшай вобласці на поўдні Палесся. Яна характарызуецца самай кароткай і цёплай зімой у межах Беларусі і найбольш працяглым і цёплым вегетацыйным перыядам.

Цэнтральная вобласць

Цэнтральная вобласць амаль адпавядае Перадпалессю, Заходне-Беларускай і Усходне-Беларускай фізіка-геаграфічным правінцыям. Каэфіцыент увільгатнення 0,87—0,9. Сярэдняя тэмпература ліпеня 17,5°—18,7°, студзеня ад -4,9° на захадзе да -8,2 °С на ўсходзе. Ападкаў 530—600 мм, у некаторых месцах да 700 мм і больш (на Навагрудскага ўзвышша да 706 мм) у год. Вегетацыйны перыяд 184—200 сутак. Устойлівае снежнае покрыва ўтвараецца ў снежні (напачатку месяца на ўсходзе, у канцы — на захадзе), сыходзіць 1—5 сакавіка на захадзе. На захадзе зіма мякчэйшая і карацейшая, лета даўжэйшае і цяплейшае, раўнамерней выпадаюць ападкі.

Паўднёвая вобласць

Паўднёвая вобласць размешчана ў межах Беларускага Палесся. Каэфіцыент увільгатнення 0,8—0,87. Сярэдняя тэмпература ліпеня 18°—19,5°, студзеня ад -4,4° на захадзе да -7,5°С на ўсходзе. Ападкаў 520—630 мм у год. Вегетацыйны перыяд самы працяглы ў краіне: 191—208 сутак. Снежнае покрыва ўтвараецца 10—30 снежня, сыходзіць у канцы сакавіка — пачатку красавіка. Вобласць лепш астатніх забяспечана цяплом, што спрыяе вырошчванню цукровага бурака, кукурузы і іншых культур. На паўднёвым захадзе самая кароткая ў краіне зіма (105 сутак) і самая высокая тэмпература студзеня, самы кароткі перыяд са снежным покрывам, у 30 % зім яго зусім не бывае.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Геаграфія Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Сельская гаспадарка Беларусі