Агата Кэндзан (яп. 尾形 乾山, 1663—1743); імя пры нараджэнні — Агата Сінсэй (яп. 尾形 深省) — японскі мастак і кераміст перыяду Эдо, брат мастака Агаты Карына. Пры жыцці Агата Кэндзан выкарыстоўваў некалькі псеўданімаў — Сісуі, Кэндзан, Тоін, Секасай, Сюсэйда і Сінсё.
Агата Кэндзан нарадзіўся ў Кіёта ў сям’і багатага купца. Яго старэйшым братам быў мастак Агата Карын (1658—1716), які стаў адным з майстроў школы жывапісу Рымпа. Сям’я знаходзілася пад заступніцтвам жонкі Такугавы Хідэтады Адзаі Го іх дачкі Масака, якая стала другой жонкай Імператара Го-Мідзуноа. Сямейства круцілася ў асяроддзі мастацтва на працягу некалькіх пакаленняў і мела роднасныя сувязі з сем’ямі вядомых мастакоў і керамістаў Хонамі і Раку.
З 27 гадоў Агата Кэндзан навучаўся кераміцы ў майстра Нінсэя і пасля стварыў сваю майстэрню ў Нарутакі. Менавіта тады, у гонар месца на паўночным захадзе Кіёта ён узяў сабе імя Кэндзан. З-за фінансавых цяжкасцяў, у 1712 годзе ён пераехаў у Нідзё, дзе атрымаў заступніцтва ад прадстаўніка шляхты. У 1731 годзе ён пакінуў майстэрню на апеку свайго прыёмнага сына Інаці, які паспяхова працягнуў вытворчасць бацькі, і пераехаў у горад Эдо, дзе правёў рэшту жыцця.