wd wp Пошук:

Чопавае

Чопавае — падатак з вырабу і продажу моцных напіткаў у Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім. У Польшчы вядома з XIII стагоддзя як дзяржаўны падатак з вырабу і рэалізацыі піва, мёду, гарэлкі, віна ў корчмах, броварах, шынках, млынах, лазнях усіх тыпаў уладанняў. У Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагоддзях называлася капшчына. У выніку прадастаўлення прыватным землеўладальнікам права вольнай прапінацыі (1576) чопавае пачало збірацца толькі з дзяржаўных уладанняў і іх трымальнікаў. Традыцыйна чопавае ішло на ўтрыманне войска. У XVII—XVIII стагоддзях прыносіла 8—9 % даходаў скарбу Вялікага Княства Літоўскага. Чопавае збіралі спецыяльныя паборцы (экзактары, правізары, камісары). У гарадах іх прызначалі з бурмістраў і радцаў, у вёсках — з войтаў, лаўнікаў, арандатараў па вызначэнні дзяржаўцаў, ваявод і судовых старастаў. Падаткам не абкладаўся выраб напіткаў на хатнія патрэбы. Сойм 1766 увёў для Вялікага Княства Літоўскага чопавае ў памеры 10 % ад кошту напіткаў у кожнай карчме і шынку пад прысягай вытворцаў і ўласнікаў. З 1 сакавіка 1768 года гэты падатак быў павінен замяніць падымнае, для чаго назначалася генеральная люстрацыя вытворчых і гандлёвых пунктаў пад наглядам скарбовых экзактараў і з выкарыстаннем вайсковай дапамогі. Сойм 1775 пашырыў збіранне чопавае з усіх відаў він, у тым ліку замежных, і ўвёў адзіную стаўку абкладання напіткаў пры захаванні за шляхтай свабоды рознічнага гандлю імі. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі у канцы XVIII стагоддзя чопавае заменена на вінакурную пошліну, зыходзячы з колькасці рэвізскіх душ у землеўладаннях.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Падаткаабкладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім