wd wp Пошук:

Тутэйшая Шляхта

«Тутэйшая Шляхта» (Tutejszaja Szlachta) — фальклорны ансамбль, створаны ў 1992 пры Беларускім Дзяржаўным Універсітэце. Складаецца з энтузіястаў, улюблёных у нацыянальную гісторыю і культуру. Творчасць Тутэйшай Шляхты – гэта спалучэнне музычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, народных беларускіх песняў і аўтарскіх песняў на словы літвінскіх і беларускіх класікаў у фолк і фолк-рок апрацоўцы.

Народны ансамбль (1992-2011)

Ансамбль Тутэйшая Шляхта (1997)

За час свайго існавання калектыў прымаў удзел у шматлікіх канцэртах, гастраляваў у Польшчы, Германіі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Расіі. У 2000 ансамблю Тутэйшая Шляхта прысвоена ганаровае званне «Народны», а ў 2013 па адзінагалосным рашэнні журы ансамбль стаў лаўрэатам фестывалю народнай творчасці «Сузор’е», атрымаўшы званне лепшага народнага самадзейнага ансамбля г. Мінска.

Ансамбль пад кіраўніцтвам Лявона Махнача выдаў два музычных зборнікі ў традыцыйнай фальклорнай стылістыцы ў 2001 і 2011 гадах. У сярэдзіне 2000-х дачка заснавальніка ансамбля цымбалістка і кампазітар Тутэйшай Шляхты Вольга Махнач, якая захаплялася рок музыкай, пачала ўносіць у творы ансамбля ноткі фолк-року. Першым эксперыментальным творам у фолк-рок стылістыцы стала песня “Ах, вы, столікі мае”, запісаная ў 2006 годзе. Гэты і некалькі іншых фолк-рок запісаў трапілі ў другі зборнік, стаўшы прадвеснікамі новага фолк-рокавага гучання Тутэйшай Шляхты.

Шлях да фолк-року (2012-2015)

У 2011 годзе ў ансамбль у якасці адміністратара і вакаліста прыйшоў Дзяніс Сцяпура, якому выпадкова дала паслухаць запіс “Ах, вы, столікі мае” яго жонка, салістка Тутэйшай Шляхты Марыя Копцель-Сцяпура. Дзяніс, аматар цяжкой рок-музыкі, быў уражаны цікавым спалучэннем року з народным фальклорам і вырашыў стаць удзельнікам Тутэйшай Шляхты, каб разам з Вольгай Махнач развіваць фолк-рок накірунак і папулярызаваць яго ў шырокіх масах. З 2012 году ў рэпертуары ансамбля пачало з’яўляцца ўсё больш твораў, прыпраўленых цяжкімі гітарнымі рыфамі. Ў 2013 годзе пачуўшы новы фолк-рок рэпертуар Тутэйшай Шляхты ў ансамбль вярнуўся гітарыст Сяргей Маісейчык, які прымаў удзел у запісы песні “Ах, вы, столікі мае” ў якасці бас-гітарыста.

У выніку ўтварыўся фолк-рок касцяк з троіцы Вольга Махнач / Дзяніс Сцяпура / Сяргей Маісейчык, які распачаў падрыхтоўку да запісу дэбютнага фолк-рок альбому Тутэйшай Шляхты пад назвай “Сармацкі рок”. Студыйны запіс стартаваў у 2014 годзе, першыя 2 творы былі прэзэнтаваныя ў канцы года і былі вельмі цёпла ўспрынятыя публікай, песня “Каляда-Калядзіца” трапіла ў рэпертуар беларускамоўнага “Радыё Сталіца”. Да сярэдзіны 2015 года была падрыхтаваная дэма-версія альбому з 6-ці твораў, песня “Сэрца ў роспачы ня плача” стала лепшай песняй жніўня на “Радыё Сталіца”, ансамбль выйшаў з ценю беларускай музычнай сцэны і займеў шмат новых прыхільнікаў. Фолк-рок накірунку стала цесна ў межах народнага ансамбля і ў канцы 2015 году паўстало пытанне пра стварэнне асобнага гурта, які б выконваў фолк-рок рэпертуар. Але з-за арганізацыйных, тэхнічных і фінансавых цяжкасцяў асобны фолк-рок гурт так і ня быў створаны.

Студыйны фолк-рок праект [TŠ] (2016-2020)

У пачатку 2016 году Сяргей Маісейчык пакінуў ансамбль, а Дзяніс Сцяпура вылучыў фолк-рок накірунак Тутэйшай Шляхты ў асобны студыйны фолк-рок сайд-праект [TŠ]. Запіс альбому “Сармацкі рок” аднавіўся, але ішоў марудна. Цягам 2016-2017 гадоў былі дазапісаныя некалькі песняў у дэбютны альбом, і запісаныя некалькі сінглаў. Песня “Імжа” стала яшчэ адным хітом Тутэйшай Шляхты. Летам 2017 года Дзяніс Сцяпура пакінуў ансамбль і засярэдзіўся на адміністраванні сайд-праекту [TŠ]. У канцы 2017 году было выдадзена невялікае адгалінаванне будучага паўнафарматнага альбому — міні-альбом “Зорка Крэва”. Тры песні з міні-альбому трапілі ў рэпертуар “Радыё Сталіца”. У 2018 годзе запіс альбому “Сармацкі рок” быў скончаны, ў 2019 годзе адбыўся яго рэліз, у гэтым жа годзе альбом перамог у восеньскім чарце буйнога музычнага парталу беларускай музыкі “TuzinFM”. У пачатку 2020 года Тутэйшая Шляхта пераклала на беларускую мову вірусную песню з серыяла Netflix “The Witcher” і зняла музычны дэма-ролік, які атрымаў шырокі розгалас у байнэце, нягледзячы на невысокую якасць карцінкі і гука. У беларускім варыянце песня атрымала назву “Ведзьмару дайце талер”. Пры фінансавай падтрымцы дырэктара крамы Symbal.by Паўла Белавуса фолк-рок праект [TŠ] у сціслы тэрмін за два тыдні запісаў студыйную версію кавера і зняў прафесійны live-кліп, які быў прэзэнтаваны беларусам да Дня роднай мовы і аказаў значны ўплыў на рост папулярнасці гурта. Праз некалькі месяцаў у разгар пандэміі Covid19 калектыў прэзэнтаваў кліп на музычную кампазіцыю “Хмелюшка”, зроблены ў “карантынным” стылі.

Тутэйшая Шляхта сёння

У дадзены момант Тутэйшая Шляхта ўяўляе сабой: 1) народны ансамбль БДУ, 2) студыйны фолк-рок сайд-праект [TŠ], які складаецца як з некаторых удзельнікаў ансамбля, так і з сесійных удзельнікаў, якія прымаюць удзел толькі ў запісах. Галоўны мужчынскі вакал праекта [TŠ] — Андрэй Сцяпанаў, адну з песняў выконвае адміністратар праекту Дзяніс Сцяпура, жаночы вакал падзелены на два падпраекты: “Зорка Крэва” з салісткай Анастасіяй Сенько і сімфа-рок трыо “AnnaMaria” з вядучым вакалам Марыі Копцель-Сцяпуры. Вакал і бэк-вакал у некаторых трэках выконвае сесійны саліст Павел Пенязь. Многія кампазіцыі праекту [TŠ] можна пачуць у акустычнай версіі ў выкананні народнага ансамбля. Зрэдку ансамбль дае электрычныя канцэрты, дзе творы студыйнага праекту [TŠ] можна пачуць у арыгінале.

Дыскаграфія (ансамбль)

Зборнікі

Дыскаграфія (фолк-рок праект [TŠ])

Альбомы

Удзельнікі (ансамбль)

Удзельнікі (фолк-рок праект [TŠ])

Цікавыя факты

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Музычныя калектывы паводле алфавіта
Фолк-гурты Беларусі