Сусветны дзень донара крыві — міжнародны дзень, заснаваны ў маі 2005 г., падчас 58-й сесіі Сусветнай асамблеі аховы здароўя, у Жэневе (Рэзалюцыя WHA58.13). Штогод праводзіцца 14 чэрвеня.
Слова донар паходзіць ад лацінскага «donare» — «дарыць». У выпадку з донарамі крыві падарункам для рэцыпіента часта з’яўляецца жыццё.
У гэты дзень у 1868 годзе нарадзіўся Карл Ландштэйнер, аўстрыйскі лекар, імунолаг, які атрымаў у 1930 годзе Нобелеўскую прэмію за адкрыццё груп крыві чалавека.
Ініцыятарамі правядзення 14 чэрвеня Сусветнага дня донара выступілі чатыры міжнародныя арганізацыі, якія заклікаюць да добраахвотнай і бясплатнай здачы крыві — СААЗ, Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнародная Федэрацыя Арганізацый Донараў Крыві і Міжнароднае таварыства па пераліванні крыві.
Штогод мерапрыемствы ў Дзень донара крыві акцэнтаваны на якой-небудзь вызначанай тэматыцы.