Пётр Яфімавіч Тадароўскі (25 жніўня 1925 — 24 мая 2013) — савецкі і расійскі кінарэжысёр, кінааператар, сцэнарыст, акцёр, кампазітар, народны артыст РСФСР. Намінант на прэмію «Оскар», уладальнік прэмій «Ніка» і «Залаты арол».
Пётр Тадароўскі нарадзіўся 26 жніўня 1925 г. ў горадзе Бобрынец Кіраваградскай вобласці Украінскай ССР у сям’і Яфіма Гільевіча Тадароўскага і Разаліі Цалеўны Астроўскай. З лета 1943 года — курсант Саратаўскага ваенна-пяхотнага вучылішча, з 1944 года — камандзір мінамётнага ўзвода ў складзе 93-га стралковага палка 76-й стралковай дывізіі 47-й арміі Першага Беларускага фронту, дайшоў франтавымі дарогамі да Эльбы, быў паранены, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені і медалямі. Пасля вайны да 1949 г. служыў афіцэрам у ваенным гарнізоне пад Кастрамой.
Быў жанаты на актрысе Надзеі Чараднічэнка. У 1949 г. паступіў і ў 1954 г. скончыў аператарскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (майстэрня Б. Воўчака) і дэбютаваў у якасці аператара на кінастудыі «Малдова-фільм» («Малдаўскія напевы»). На працягу дзесяці гадоў працаваў на Адэскай кінастудыі. З 1962 года жанаты на Міры Рыгораўне Тадароўскай.
У якасці акцёра зняўся ў фільмах «Быў месяц май», «Дрыгва». У 1983 годзе паставіў праслаўленую карціну «Ваенна-палявы раман», вылучаную на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове».
Кампазітар і аўтар песень да шэрагу фільмаў. Імправізатар і акампаніятар гульні на сяміструннай гітары. Акампанаваў У. Высоцкаму пры запісах яго песень.