wd wp Пошук:

Пулкаўская абсерваторыя

Пулкаўская абсерваторыя (ГАА РАН) — асноўная астранамічная абсерваторыя Расійскай акадэміі навук. Адкрыта 7 (19) жніўня 1839 года. Размяшчаецца за 19 км на поўдзень ад цэнтра Санкт-Пецярбурга на мясцовасці Пулкава на Пулкаўскіх вышынях.

Навуковая дзейнасць абсерваторыі ахоплівае практычна ўсе прыярытэтныя напрамкі фундаментальных даследаванняў сучаснай астраноміі: нябесная механіка і зорная дынаміка, астраметрыя (геаметрычныя і кінематычныя параметры Сусвету), Сонца і сонечна-зямныя сувязі, фізіка і эвалюцыя зорак, пазагалактычная астраномія, апаратура і методыка астранамічных назіранняў.

У штаце абсерваторыі, станам на 2018 год, было 282 чалавекі, у тым ліку 100 навуковых супрацоўнікаў, з іх 43 кандыдата і 27 дактароў навук.

У абсерваторыі ёсць адна дзеючая назіральная станцыя — Кіславодская горная астранамічная станцыя, а таксама два тэлескопы, якія працуюць на тэрыторыі іншых астранамічных абсерваторый: метровы тэлескоп АЗТ-24 (вытворчасць ЛОМО, Санкт-Пецярбург), усталяваны на назіральнай станцыі Кампа-імператарэ, якая належыць Рымскай абсерваторыі, і 40-сантыметровы тэлескоп MEADE LX-200, усталяваны на тэрыторыі абсерваторыі «Светлае», якая належыць Інстытуту прыкладной астраноміі РАН.

З 1990 года абсерваторыя ўваходзіць у склад ахоўнага ЮНЕСКА аб’екта «Гістарычны цэнтр Санкт-Пецярбурга і звязаныя з ім комплексы помнікаў», у тым ліку, могілкі Пулкаўскай абсерваторыі. Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі № 275 ад 2 красавiка 1997 года Пулкаўская абсерваторыя ўключана ў Дзяржаўны звод асабліва каштоўных аб’ектаў культурнай спадчыны народаў Расійскай Федэрацыі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Славутасці Санкт-Пецярбурга
Катэгорыя·Аб’екты культурнай спадчыны Расіі
Катэгорыя·Расійская акадэмія навук
Катэгорыя·Астранамічныя абсерваторыі Расіі
Катэгорыя·Помнікі архітэктуры Санкт-Пецярбурга