wd wp Пошук:

Павукі-цянётнікі

Павукі-цянётнікі (Theridiidae) — сямейства павукоў.

Апісанне

Даўжыня цела 2—10 мм, 8 вачэй, размешчаныя ў 2 рады. Ногі з шматлікімі шчацінкамі. Брушка пераважна круглаватае, амаль шарападобнае, на канцы яго 6 павуцінных бародавак.

Пашырэнне

Пашыраны па ўсім свеце. У сусветнай фаўне адрозніваюць больш за 2,3 тыс. відаў. На Беларусі адзначана каля 20 відаў пераважна з родаў азагена (Asagena), літыфантэс (Lithyphantes), стэатода (Steatoda), тэўтана (Teutana), тэрыдыум (Theridium). Жывуць у лясах, на адкрытых культурных ландшафтах, трапляюцца ў дамах.

Асаблівасці біялогіі

Лоўчыя сеткі (цянёты, адсюль назва), шырокаячэістыя, няправільнай формы, будуюць у травяным покрыве (пераважна на парасонавых) на ўзлесках, палянах, лугавінах, па кустах і інш. Цянёты бываюць 2 відаў. У павукоў з роду тэрыдыум яны з перакрыжаваныя у розных напрамках ніцей з кропелькамі клейкага рэчыва, прыстасаваныя для лоўлі камароў, мух, цыкадак. У лоўчых сетках павукоў з родаў дыпаэна, стэатода, тэўтана клейкія ніці накіраваны да паверхні глебы, полаг іх утвораны ніцямі без клейкага рэчыва; сеткі прыстасаваны для лоўлі мурашак, жукоў, лічынак прамакрылых, павукоў і інш. Логавы пераважна паўшарападобныя з адтулінай унізе, замаскіраваныя рэшткамі насякомых, часцінкамі раслін і глебы.

Апладненню папярэднічаюць т. зв. «шлюбныя танцы» самцоў, якія пасля спароўвання гінуць (самкі гінуць увосень). Белыя або шаравата-карычневыя коканы (змяшчаюць да 500—700 яец) самкі ахоўваюць пастаянна. У большасці 1 генерацыя за год. Зімуюць маладыя павукі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Павукі-цянётнікі
Катэгорыя·Сямействы павукападобных