wd wp Пошук:

Мастацкі музей Брэста

Брэсцкі мастацкі музей — філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Заснаваны 13 сакавіка 2000 г. у г.Брэст рашэннем Брэсцкага аблвыканкама. Адкрыты для наведвальнікаў 17 мая 2002 г. у Паўднёвай казарме Брэсцкай крэпасці. Аснову экспазіцыі філіяла склала калекцыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, стварэнне якой пачалося ў 1951 г. Найбольш шырока ў ёй прадстаўлена творчасць брэсцкіх мастакоў.

Агульная плошча памяшканняў музея 1670 м². Плошча экспазіцыі 1100 м², размешчана ў 10 залах. Таксама дзейнічаюць 2 выставачныя залы плошчай 140 м².

Экспазіцыя храналагічна ахоплівае ўвесь перыяд існавання Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі і дазваляе ўявіць шлях развіцця выяўленчага мастацтва Берасцейшчыны 2-й палавіны 20 — пачатку 21 ст. Адкрываюць экспазіцыю работы брэсцкай мастачкі А. І. Фяцісавай з цыкла «Таямніцы старога горада» з краявідамі Брэста, партрэтамі палітычных і дзяржаўных дзеячаў эпохі Сярэднявечча. Таксама экспануецца макет г. Брэст 17 — 18 ст., выкананы па праекце А. І. Фяцісавай навучэнцамі Брэсцкага політэхнічнага каледжа. У 2-й зале дэманструюцца работы беларускіх мастакоў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Сярод іх асобае месца займаюць карціны пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці. Тры залы прысвечаны жывапісу і скульптуры, экспануюцца творы мастакоў Берасцейшчыны, у тым ліку П. А. Данелія, М. Д. Чурабы, І. Я. Фяцісава, Э. С. Куфко, прадстаўлены творчыя пошукі маладых мастакоў. Экспазіцыю наступных 2 залаў складаюць творы графікаў. Сярод іх работы П. Ю. Татарнікава, Г. І. Вяля, Л. Б. Алімава. Асобны яе раздзел прысвечаны дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, сярод экспанатаў габелены А. Ф. Гуршчанковай і Д. М. Вымаркавай, таксама вылучаюцца работы мастака-ювеліра М. П. Кузьміча. У музеі прадстаўлены віды народных мастацкіх промыслаў: ткацтва і вышыўка, ганчарства, салома- і лозапляценне, размалёўка па дрэве і шкле, мастацкая апрацоўка дрэва, а таксама работы народных майстроў І. Ф. Супрунчыка і М. В. Тарасюка, майстра саломапляцення В. І. Гаўрылюка, творы самадзейных мастакоў Ю. П. Сергіенкі, П. С. Мысліўца, А. В. Івашкі і інш.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Мастацкія музеі Беларусі
Катэгорыя·Музеі Брэста
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Брэсцкі абласны краязнаўчы музей
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Брэсцкая крэпасць
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта