Мапунгу́бвэ (афр.: Mapungubwe) — нацыянальны парк у ПАР на месцы старажытнага горада здабытчыкаў золата. Агульная плошча - 104 800 га. Запаведная зона - 28 169 га.
Мапунгубвэ — гара, на якой у 1932 г. былі знойдзены рэшткі вялікага паселішча XI - XIII стст. Параўнанне з археалагічнымі знаходкамі ў Вялікім Зімбабвэ паказала, што яно з’яўлялася найбольш раннім з вядомых гарадоў сярэднявечных здабытчыкаў золата ў Паўднёвай Афрыцы. Лічыцца, што яго заснавальнікамі былі шона. Паселішча Мапунгубвэ было добра ўмацавана. Захаваліся наскальныя малюнкі, рэшткі жытлаў і майстэрняў. Акрамя золата яго насельнікі здабывалі і апрацоўвалі жалеза. Каля 1270 г. яны па невядомых прычынах пакінулі гару і перасяліліся на поўнач ад Лімпопа.
У 1995 г. быў створаны нацыянальны парк Мапунгубвэ. У 2003 г. ён унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.