wd wp Пошук:

Кашаніль польская

Кашаніль польская (Porphyrophora polonica) — насякомае атрада раўнакрылых хобатных, сямейства маргарадзіды (Margarodidae)

Апісанне

Прадстаўнік політыпічнага роду. Адзін з 23 відаў роду ў сусветнай фаўне.

Імага вішнёва-чырвоныя. Самкі без крылаў і па форме цела нагадваюць маленькіх макрыц. Самцы крылатыя з доўгімі васковымі ніткамі на канцы брушка.

Пашырэнне

Вядома ў Польшчы, Украіне, Беларусі, у Тамбоўскай вобласці Расіі. Магчыма, распаўсюджана шырэй.

Месцы пражывання: лугі, узлескі, паляны з наяўнасцю ў раслінным покрыве сунічніку, дубровак, талакнянкі, мацярдушкі і інш.

Асаблівасці біялогіі

Зімуе ў стадыі лічынкі першага ўзросту ў глебе пад засцярогай васковага кокана, утворанага дарослай самкай. На раслінах з’яўляюцца ў траўні, потым уходзяць у глебу і кормяцца клетачным сокам каранёў дубровак, сунічніку, талакнянкі і іншых раслін. У другой палове ліпеня лічынкі пакрываюцца цвёрдай абалонкай. Прыкладна праз месяц з цыстаў выходзяць лічынкі самцоў і дарослыя самкі. Лічынкі самцоў хутка акукліваюцца і праз тыдзень з кукалак выходзяць дарослыя самцы. У Беларусі лёт самцоў і з’яўленне з цыстаў самак — у ліпені. Пасля спароўвання самцы гінуць, а аплодненыя самкі зарываюцца ў зямлю і абкружаюць сябе ватападобнымі васковымі выдзяленнямі. Яйкі (300—700) адкладвае ў жніўні.

Выкарыстанне

З самак здабываюць рэчыва, якое выкарыстоўваецца для атрымання чырвонага фарбавальніка — карміну.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Клаповыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS