wd wp Пошук:

Дзікае паляванне караля Стаха

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дзікае паляванне караля Стаха (значэнні). Дзі́кае палява́нне караля́ Ста́ха — аповесць беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1964 годзе. Лічыцца класікай беларускай літаратуры.

Сюжэт

Ілюстрацыя да аповесці Арлена Кашкурэвіча

Малады навуковец-фалькларыст Андрэй Беларэцкі, збіўшыся са шляху падчас буры, трапляе ў радавы замак Яноўскіх — Балотныя Яліны. Яго прымае гаспадыня замка Надзея Яноўская — апошняя прадстаўніца свайго роду. Яна расказвае Беларэцкаму, што род Яноўскіх пракляты праз здраду, здзейсненую яе продкам Раманам Старым, на дваццаць пакаленняў. Надзея — дваццатае пакаленне роду, яна чакае хуткай смерці, з якой спыніцца і род Яноўскіх. Яна расказвае пра зданяў, з’яўленне якіх прадвесціць яе гібель — Дзікае Паляванне, Малога Чалавека і Блакітную Жанчыну.

Беларэцкі застаецца ў замку, каб абараніць Надзею і разблытаць клубок падзей. Ён бачыць Малога Чалавека — істоту невялікага росту з вельмі доўгімі пальцамі, якая зазірае ў вокны па начах; Блакітную Жанчыну, якая сышла са старадаўняга партрэта, на якую Надзея вельмі падобная. Паступова Беларэцкі знаёміцца з астатнімі жыхарамі — сваякамі Яноўскай Свеціловічам, Берманам, Дубатоўкам, паляўнічым і следапытам Рыгорам. У адзін з вечароў на балоце яго пераследуе Дзікае паляванне — група маўклівых вершнікаў на конях, якія скачуць бясшумна, свабодна перасоўваюцца па дрыгве і пакідаюць сляды старажытных падкоў. Беларэцкі цудам паспявае схавацца ў замку і з падвоенай энергіяй працягвае пошукі людзей, якія хаваюцца за Дзікім паляваннем. Разам з Рыгорам яны раскрываюць тайну гібелі бацькі Надзеі, загнанага ў балота Дзікім паляваннем за два гады да прыезду Беларэцкага. Паступова яны раскрываюць і таямніцу Дзікага палявання. Усе коннікі падпільнованы і забіты мясцовымі мужыкамі, коні — прадстаўнікі выміраючай пароды дрыкгантаў — патанулі ў балоце. Знікаюць і прывіды замка. Малы Чалавек аказваецца братам Бермана, вар’ятам-калекай, якога Берман выпускаў з патаемных калідораў, а Блакітная Жанчына — самой Надзеяй, якая блукае па замку ў сне.

Беларэцкі жэніцца з Яноўскай і ўвозіць яе з Балотных Ялін. З часам яна вылечваецца ад пастаяннага страху і лунатызму, у іх нараджаецца дзіця.

Месца дзеяння і персанажы

Апавяданне вядзецца ад імя галоўнага героя, Андрэя Беларэцкага, якому 96 гадоў. Сама ж гісторыя адбылася ў часы яго маладосці, увосень 1888 г. недзе ў глухой балоцістай мясцовасці Гомельшчыны ці Магілёўшчыны, прамой спасылкі ў кнізе на гэта няма.

Дзеючыя асобы:

Экранізацыя, інсцэнізацыя

Аднайменны фільм, адным са сцэнарыстаў якога быў сам Караткевіч, быў зняты ў 1979 годзе. Караткевічу экранізацыя яго твора не асабліва спадабалася, бо ў фільме практычна адсутнічала адна з ключавых тэм аповесці — смутак аб цяжкім лёсе беларускага народа.

У 1989 годзе на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета адбылася прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», якую напісаў кампазітар Уладзімір Солтан. Пастановачная група была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за 1990 год.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Літаратурныя творы на беларускай мове
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Літаратурныя творы паводле алфавіта
Творы Уладзіміра Караткевіча