У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Выгоўскі.
Даніэль Выгоўскі (? — 1740) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, кашталян менскі (1713—1740).
Паходзіў з роду Выгоўскіх герба «Габданк зменены», сын Канстанціна, кіеўскага войскага, пана на Лісянцы, і смаленскай чашнічанкі Рэгіны з Мяшчэрынаў герба «Польская Пагоня».
Быў старостам небароўскім і рэклінскім. Канюшы вялікі літоўскі з 1708, кашталян менскі з 19 лютага 1713 года. У 1696 годзе быў паслом ад Вількамірскага павета на канвакацыйны сойм.
Быў жанаты з княжной Тэрэзай Друцкай-Сакалінскай. Меў дачу Рахелю, якая першы раз выйшла замуж за дарсунскага старосту князя Караля Агінскага, а другі раз за троцкага кашталяна Антонія Казіміра Сапегу.