«Дажыць да світання» — аповесць беларускага пісьменніка Васіля Быкава, напісаная ў 1972 годзе. У 1974 годзе за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання» Быкаў быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР.
Увосень 1941-га, падчас бітвы пад Масквою, дзесяць байцоў пад началам лэйтэнанта пайшлі ў варожы тыл, каб падарваць базу з боепрыпасамі. Не знайшоўшы яе на месцы, лейтэнант вяртае назад асноўную групу, а сам застаецца з маладым байцом, каб працягваць пошук…
Пры чытанні аповесці няма адчування, што сюжэт спецыяльна сканструяваны. У гэтай ваеннай драме паказана натуральная рэалістычная чарада падзей з жыцця ваенных разведчыкаў. Літаральна гадзіну за гадзінай распавядаецца пра падрыхтоўку, і пра сам рэйд у тыл немцаў, і пра трагічна-кранальнае яго завяршэнне. Лейтматывам твора можна назваць фразу аб тым, што «вайна бязлітасная да кожнага, але першым на фронце гіне баязлівец, — менавіта той, хто больш за ўсіх даражыць сваім жыццём».
Першапачаткова Быкаў напісаў аповесць на беларускай мове, а затым сам пераклаў яе на рускую.
Паводле аповесці ў 1975 годзе быў зняты аднайменны фільм. Сцэнарыстамі выступалі сам Васіль Уладзіміравіч Быкаў і Віктар Фёдаравіч Сакалоў. Рэжысёры: Віктар Фёдаравіч Сакалоў і Міхаіл Іванавіч Яршоў.