Гарцукі — прапанаваныя П. Шпілеўскім персанажы, чорныя духі, падначаленыя Перуну. Іх імя паходзіць ад слова «гарцаваць» — гуляць, бегаць навыперадкі.
Жывуць яны ў вялікіх гарах, дзе падчас усходу і заходу сонца гуляюць, нібы дзеці. Апоўдні стралою носяцца на конях па палях і лясах, а ўначы па даручэнні Перуна лятаюць у паветры, набываючы аблічча розных драпежных птушак.
Гарцукі возяць па небе грамавы жоран, на якім раз’язджае Пярун з вогненным лукам; яны ўтвараюць вятры, буру і віхры і іншыя стыхійныя прыродныя з’явы.
Вобраз не знаходзіць пацверджання ў этнаграфічных і фальклорных крыніцах.