У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дарошка. Валянціна Іванаўна Казяба (дзявоч. Дарошка нар. 8 студзеня 1927, в. Паставічы, Старадарожскі раён, Мінская вобласць) — Герой Сацыялістычнай Працы (1951).
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны змагла атрымаць толькі пачатковую адукацыю ў мясцовай школе. З лета 1944 года прымала ўдзел у аднаўленні мясцовага калгаса імя Сталіна і адначасова наведвала пяты клас школы. У 1947 годзе стала працаваць у паляводчай брыгадзе. У пасляваенныя гады асноўнай спецыялізацыяй гаспадаркі з’яўлялася вырошчванне кок-сагызу, які ў той час быў важнай сельскагаспадарчай культурай. У 1948 годзе ўзначаліла спецыялізаванае звяно па вырошчванні кок-сагызу.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 ліпеня 1951 года за атрыманне высокіх ураджаяў каранёў кок-сагызу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і молат».
Яе імя занесена ў Кнігу народнай славы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. З 2010 года ў яе гонар праводзяцца раённыя спаборніцтвы за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці прадукцыі раслінаводства.