wd wp Пошук:

Браканіды

Браканіды‎ (Braconidae) — сямейства паразітычных насякомых атрада перапончатакрылых.

Апісанне

Цела даўжынёй 1—5 мм, жоўтае, або карычневата-жоўтае, з сцябліністым брушкам. Маюць дзве пары празрыстых крылаў з адной зваротнай жылкай на пярэдніх крылах, трапляюцца і бяскрылыя формы. Вяртлюгі ног двухчленікавыя, лапкі пяцічленікавыя. Вусікі шматчленістыя. Брушка ў самкі з вельмі доўгім яйцакладам (да 15 мм).

Пашырэнне

Касмапаліты. У сусветнай фаўне выяўлена каля 1000 родаў і звыш 20000 відаў.

Асаблівасці біялогіі

Дарослыя кормяцца пераважна паддзю і нектарам раслін, самкі некаторых відаў — гемалімфай насякомых-гаспадароў. Наезнікі-браканіды першасныя (зрэдку другасныя) энда- або эктапаразіты (адзінкавыя або групавыя) насякомых пэўных атрадаў: лускакрылых, жукоў, двухкрылых, клапоў.

Плоднасць да 1—2 тыс. яец. У некаторых відаў адзначаецца здольнасць размнажацца без апладнення (з неаплодненых яец развіваюцца самцы — арэнатакія), а таксама поліэмбрыянія (размнажэнне на стадыі яйца). Лічынкі бязногія, з 11-13 сегментаў, голыя або ўкрытыя шчацінкамі, з хвастом (у эндапаразітаў). У развіцці лічынак эктапаразітаў адзначаецца пяць, эндапаразітаў — тры ўзросты.

Працягласць жыцця дарослых два-тры (зрэдку больш) месяцаў. За год ад аднаго да пяці і больш пакаленняў. Зімуюць лічынкі ў коканах на раслінах або ў целе гаспадароў.

Некаторыя віды выкарыстоўваюць у біялагічнай барацьбе са шкоднымі насякомымі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Сямействы насякомых
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Браканіды
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных