wd wp Пошук:

Беларускі батальён пры польскім генштабе

Беларускі батальён пры польскім генштабе — беларускае ўзброенае фарміраванне створанае ў 1919 годзе Галоўным камандаваннем Войска Польскага. У Войска Польскае не ўваходзіў. Стварэннем беларускага батальёна займалася Беларуская вайсковая камісія пры Галоўным камандаванні Войска Польскага. Ліквідаваны ў 1921 годзе.

Вайсковая гісторыя

У канцы ліпеня 1919 года беларускія прапольскія актывісты атрымалі дазвол ад польскіх акупацыйных уладаў на стварэнне Беларускай вайсковай камісіі пры Галоўным камандаванні Войска Польскага.

Арганізацыя мела мэту стварэння беларускай пяхотнай дывізіі разам з дапаможнымі часцямі – артылерыйскім палком, кавалерыйскім эскадронам і сапёрнай ротай.

Беларуская дывізія у складзе польскіх войскаў павінна была змагацца супраць бальшавіцкіх акупантаў усходняй часткі БНР на карысць Польскай Рэспублікі.

22 кастрычніка 1919 года Пілсудскі выдаў загад пра стварэнне беларускіх вайсковых часцей ў Слоніме ў складзе двух батальёнаў пад камандаваннем палкоўніка Гасана Канапацкага.

20 лістапада колькасць беларускіх часцей была абмежавана да аднаго батальёна, але абяцалі стварыць у Слоніме школу падафіцэраў і арганізаваць у Варшаўскай школе падсцяжных беларускі звяз. У канцы лістапада 1919 года БВК апынулася ў Менску, старшынёй быў выбраны П. Аляксюк, намеснікам стаў А. Прушчынскі.

Вярбовачная кампанія ў батальён сустрэла перашкоды з боку польскай акупацыйнай улады і скончылася правалам. Таксама не было вырашана пытанне абмундзіравання і ўзбраення навербаваных – палякі не давалі зброі.

На люты 1920 года беларускі батальён складаўся з 25 афіцэраў, 19 падафіцэраў і 55 жаўнераў без зброі.

Таксама ў Беларускі батальён у лютым 1920 года быў залічаны партызанскі атрад капітана Сяменіка, які застаўся на польска-савецкім фронце.

9 ліпеня 1920 года падчас наступа бальшавікоў 25 афіцэраў і 50 жаўнераў беларускага батальёна на чале з маёрам Тунгуз-Завісляком пакінулі Менск і апынуліся ў Лодзі.

БВК у новым складзе на чале з Ф. Умястоўскім пачала ў верасні вярбоўку ў беларускі батальён, які значна павялічыўся. Вярнуўся ў Лодзь звяз беларускіх падсцяжных, якія па накіраванні БВК навучаліся ў Варшаве, з іх была створана кадравая адзінка.

На фронт да случакоў у войска БНР ці ў расійскае войска да Балаховіча беларускі батальён не пусцілі. Былых афіцэраў Беларускага батальёна, якія дабраліся да Случчыны самастойна, як дэзертыры з батальёна, было няшмат – капітан Антон Борык (начальнік штабу брыгады, пазней зняты з гэтай пасады), маёр Андрэй Якубецкі, паручнік Тодар Янушэнка, капітан Лукаш Сяменік (узначаліў Грозаўскі полк).

21 красавіка 1921 года пачалася ліквідацыя беларускіх падраздзяленняў. Шмат беларускіх камбатантаў, якія палічылі сябе ашуканымі польскімі ўладамі, вырашылі не працягваць сваю вайсковую кар’еру ў арміі Польшчы.

Строй

У 1919 годзе быў распрацаваны праэкт вайсковага строя для Беларускага батальена, які быў надрукаваны ў мясцовых газетах. Судячы па шматлікіх фотаздымках таго часу, рэалізаваны ў 1919 годзе ен быў часткова.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Польская акупацыя БНР
Катэгорыя·З’явіліся ў 1919 годзе