wd wp Пошук:

Беларуская песенная камісія

Беларуская песенная камісія. Існавала ў 19231924 гг. пры Дзяржаўным інстытуце музычнай навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі беларускіх народных песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.А. Грыневіча, У. Тэраўскага, Я. Янчука і іншых). У камісію ўваходзілі кампазітары М.М. Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.І. Аладаў, А. Аленін, А.Ц. Грачанінаў, А. Нікольскі, Я.В. Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зборніку “Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фартэп’яна” (выпуск 1, 1928) і ў серыі “Беларускія народныя песні” (1929 – 1930). Найбольш каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору “Ішла каляда”, “Перад Пятром”, “Чаму селязень”, “Перапёлка”, “Ішоў раёк”, для голасу з фартэп’яна “Зазвінела пчолочка”, “Калыханка”), Аладава (харавыя “Ой, загуду”, “Мужык жыту прадае”, “На гары жораў круціўся”), Прохарава (харавыя “Ой, рана на Йвана”, “Ах ты, зорка мая”).

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Музыка Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы без спасылак на крыніцы