wd wp Пошук:

Белагруды вожык

Вожык белагруды (Erinaceus concolor) — від насякомаедных жывёл сямейства вожыкавых.

Апісанне

Даўжыня цела 18,0—24,5 см, хваста 1,3—2,4 см. Маса цела 0,6—1,2 кг. Зверху цела ўкрыта калючкамі, знізу цвёрдай поўсцю. Афарбока буравата-белая, зямліста-шэрая або жоўтая. У некаторых асобін на грудзях ёсць вялікая пляма з белых валасоў, якая часта пераходзіць на горла і бруха; радзей белая пляма адсутнічае і ніз цела аднатоннага светла-шэрага колеру. Канечнасці пяціпальцавыя, кіпцюры моцныя і доўгія.

Пашырэнне

Вожык на памятнай манеце Нацыянальнага банка Беларусі, 2011

Пашыраны ва Усходняй Еўропе (ад Кастрамской і Кіраўскай абласцей Расіі да Крыма і Каўказа), на Балканах, у Малой Азіі, Іране і інш. Распаўсюджаны на Беларусі (раней лічылася, што тут жыве падвід еўрапейскага (звычайнага) вожыкаErinaceus europaeus romanicus). Заходняя частка арэалу ахоплівае паўднёвую і ўсходнюю Польшчу, паўднёва-ўсходнюю частку Славакіі, Румынію, Югаславію і Балгарыю. На ўсходзе пашыраны на Паўднёвым Урале і ў паўночна-заходнім Казахстане.

Селіцца ў лясах, на высечках, у пасевах сельскагаспадарчых культур, на агародах, у садах, поймах рэк.

Асаблівасці біялогіі

Белагруды вожык на паштовай марцы Беларусі, 2012

Корміцца насякомымі, жабамі, яшчаркамі, змеямі, мышападобнымі грызунамі, сакаўнымі пладамі і ягадамі. У пошуку корму за ноч прабягае да 3 км, пры небяспецы згортваецца ў клубок, выстаўляючы іголкі ва ўсе бакі.

Жыве па адным або парамі. Гнёзды на зямлі, часам у норах. Начная жывёла.

Зімой вожыкі ўпадаюць у глыбокую спячку ў загадзя падрыхтаваным гняздзе. У час спячкі ў іх рэзка зніжаецца тэмпература цела і запавольваецца дыханне. З надыходам вясны вожыкі прачынаюцца і актыўна шукаюць ежу.

Полавая спеласць на другім годзе жыцця. Гон увесну. Цяжарнасць 49 сутак, у прыплодзе 3-8 дзіцянят. Іголкі ў іх з’яўляюцца толькі праз некалькі дзён.

Малаадчувальныя да розных ядаў, у т.л. змяінага.

Утрыманне ў няволі

Добра пераносіць няволю, часты аб’ект утрымання ў кутках жывой прыроды.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вожыкавыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара