wd wp Пошук:

Баміянскія статуі Буды

Баміянскія статуі Буды — дзве гіганцкія статуі Буды (55 і 37 метраў), якія ўваходзілі ў комплекс будыйскіх манастыроў у Баміянскай даліне. У 2001 годзе, насуперак пратэстаў сусветнай грамадскасці і іншых ісламскіх краін, статуі былі па-варварску разбураныя талібамі, якія палічылі, што яны з’яўляюцца паганскімі ідаламі і падлягаюць знішчэнню.

Статуі былі высечаныя ў навакольных скалах, часткова дапоўненыя трывалай тынкоўкай, што трымалася на драўлянай арматуры. Выкананыя з дрэва верхнія часткі скульптур былі страчаны яшчэ ў старажытнасці. Акрамя разбураных скульптур, у манастырах даліны маецца яшчэ адна, якая паказвае Буду, што ляжыць; яе раскопкі пачаліся ў 2004 годзе.

Баміянская даліна. Гісторыя

Баміянская даліна размешчана ў цэнтральнай частцы Афганістана, менш чым у 200 км на паўночны захад ад Кабула. У даліне знаходзіцца сучасны горад Баміян — цэнтр аднайменнай правінцыі Афганістана.

Даліна ўяўляе сабой адзіны зручны праход праз Гіндукуш, таму спрадвеку служыла гандлёвым калідорам.

У II стагоддзі тут паўсталі будысцкія манастыры. Пры цары Ашоку было пачата будаўніцтва гіганцкіх статуй, якое завяршылася толькі праз дзвесце гадоў. У V стагоддзі кітайскі падарожнік піша пра дзесяць манастыроў, якія засялялі тысячы манахаў. Шырокія пячорныя комплексы, высечаныя ў скалах, служылі заезным дваром для пілігрымаў і гандляроў. У XI стагоддзі даліна была далучаная да мусульманскай дзяржавы Газневідаў, аднак будысцкія святыні тады не былі разбураныя. У даліне вырас горад Гаўгале, упрыгожаны выдатнымі мячэцямі. У 1221 войскі Чынгісхана разбурылі горад і спустошылі даліну. У сярэднявеччы комплекс будысцкіх манастыроў у Баміянскай даліне атрымаў назву Кафіркала — горад няверных.

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Будызм у Афганістане