wd wp Пошук:

Бабровіцкае

Бабровіцкае — возера ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Каля возера знаходзіцца вёска Бабровічы, горад Івацэвічы размешчаны за 30 км.

Плошча возера — 9,47 км², даўжыня берагавой лініі — 14,4 км, максімальная глыбіня — 8,0 м, сярэдняя — 2,5 м. Асноўную плошчу займаюць глыбіні 02/04 м. Берагі нізкія, тарфяныя, парослыя хмызняком. Тэрыторыя вадазбору — плоская нізіна, напалову пакрыта лясамі і хмызнякамі, напалову балотамі і забалочанай тэрыторыяй. Канал Дзевяты злучае возера з ракой Грыўда.

Возера багата рыбай (карасі, карпы, таўсталобік, лешч, шчупак, плотка, акунь). У 1970-я гады ў возера засялялі срэбных карасёў, белых карпаў, белых амураў і таўсталобікаў. Фітапланктон прадстаўлены 89 відамі водарасцей (у асноўным зялёныя і сіне-зялёныя). Возера моцна зарастае.

Разам з Выганашчанскім возерам і навакольнай тэрыторыяй, Бабровіцкае возера ўваходзіць у склад рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Выганашчанскае» плошчай 43 тыс. га, а таксама ў склад лесапаляўнічай гаспадаркі «Выганаўскае», філіяла ДПУ «Нацыянальны парк „Белавежская пушча“».

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Азёры Івацэвіцкага раёна
Катэгорыя·Азёры паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы без спасылак на крыніцы