wd wp Пошук:

Аблога Алькасара

Аблога Алькасара — эпізод грамадзянскай вайны ў Іспаніі, які меў важнае сімвалічнае значэнне для іспанскіх нацыяналістаў.

Перадгісторыя

Таледскі алькасар — старажытная каменная крэпасць у Таледа. Доўгі час яна была рэзідэнцыяй іспанскіх манархаў, а з XVIII стагоддзя там размясцілася Ваенная акадэмія. Пасля пажару 1866 года Алькасар быў часткова перабудаваны з ужываннем сталі і бетону.

Ход баявых дзеянняў

Мяцеж

Асноўны артыкул: Путч у Іспаніі (1936) Таледа меў важнае значэнне, так як там знаходзіўся патронны завод. Адразу пасля пачатку путчу ваенны камендант Таледа Хасэ Маскарда Ітуартэ 18 ліпеня падтрымаў мяцеж нацыяналістаў, аднак сфармаваны 19 ліпеня ўрад Хасэ Хіраля адразу ж пачатаў раздачу зброі прыхільнікам Народнага Фронту, у выніку чаго Рэспубліканская міліцыя атрымала перавагу над прыхільнікамі нацыяналістаў. Мяцежнікі ў Таледа былі вымушаны адступіць у Алькасар.

Аблога

Урад Хіраля за некалькі дзён ператварыўся ў орган усяго толькі намінальнай улады. Рэспубліка не мела ні ваеннага міністэрства, ні Генеральнага штаба; у намінальнага ваеннага міністра Хуана Эрнандэса Сарабіі не было дзейснай сувязі з фронтам і ваеннай прамысловасцю. У выніку да 10 жніўня наступленне рэспубліканцаў на апорныя пункты бунту адбіта; яны былі спынены малалікімі, але добра навучанымі і дысцыплінаванымі мяцежнікамі.

Тым не менш правадыры рэспубліканскай міліцыі ўпарта жадалі авалодаць адразу ўсімі пунктамі паўстанцаў. Алькасар з ліпеня быў акружаны барыкадамі, і рэспубліканцы спрабавалі авалодаць крэпасцю то артагнём, то прыступам, то з дапамогай перамоваў. Аднак больш за палову снарадаў з-за доўгага захоўвання на складах сапсавалася і не выбухала, а штурмы не мелі поспеху з-за няўзгодненасці дзеянняў (многія байцы папросту ленаваліся караскацца на круты пагорак перад крэпасцю). Перамовы таксама праваліліся: Маскарда быў адважны і ўпарты.

Грамадзянскіх гвардзейцаў, курсантаў, вайскоўцаў і нацыяналістаў (пераважна фалангістаў) было каля 1000 чалавек — у дзесяць разоў менш, чым абложнікаў. Высокія і моцныя сцены Алькасара не давалі магчымасці проста задушыць абаронцаў лікам, а адсутнасць сярод абложнікаў ваенных спецыялістаў прыводзіла да таго, што вылучаліся самыя фантастычныя і нязграбныя праекты авалодання крэпасцю, якія нязменна заканчваліся няўдачай. Зрабіць падкоп і падарваць сцены Алькасара дынамітам не ўдалося з-за скальнага грунту, які было цяжка прабіць, і неспрактыкаванасці падрыўнікоў. Энтузіясты-анархісты прапанавалі абліць каменныя сцены бензінам і падпаліць іх, выкурваючы абложаных, але не дамагліся сваёй мэты.

Тым часам абложаныя, слухаючы радыё, даведаліся, што паўстанне працягваецца, а армія з Марока высадзілася на поўдні і ідзе да Мадрыда. Гэта іх натхніла. У сярэдзіне верасня над Алькасарам з’явіліся самалёты мяцежнікаў. Скінутыя імі ўлёткі ўтрымлівалі абяцанні хуткай выручкі абаронцам горада.

Зняцце аблогі

У 20-х чыслах верасня лідар паўстання Франсіска Франка, насуперак патрабаванням паплечнікаў і замежных афіцэраў, спыніў прасоўванне да сталіцы і павярнуў частку сіл на поўдзень: паўсталым быў вельмі патрэбны Таледскі патронны завод — адзін з найбуйнейшых у краіне. Акрамя таго, напярэдадні барацьбы за Мадрыд было неразумна пакідаць вялікую рэспубліканскую групоўку ў сябе на флангу.

27 верасня нацыяналісты выйшлі да ўскраін Таледа і адкрылі артылерыйскі агонь па горадзе, вакзале і Мадрыдскай шашы. Рэспубліканцы перабілі камандзіраў, якія спрабавалі наладзіць абарону, спешна пагрузіліся ў аўтобусы і схаваліся з месца бітвы. Палонных пры ўзяцці Таледа нацыяналістамі не было: кінутыя ў таледскай бальніцы параненыя рэспубліканцы былі па-зверску перарэзаны мараканцамі. Адзіная хоць трохі дысцыплінаваная калона Эміля Клебера і Энрыке Лістэра пакінула горад з боем і замацавалася на ўсход ад яго.

Калі мяцежны камандзір Хасэ Энрыке Варэла з войскамі падышоў да Алькасара, насустрач яму выйшаў зарослы барадой Маскарда з афіцэрамі, і адрапартаваў:

У Алькасары ўсё спакойна, мой генерал.

Пасля зняцця аблогі Маскарда быў выраблены ў генералы і адпраўлены ў адпачынак.

У культуры

У 1940 годзе ў Італіі рэжысёр Аўгуста Джэніна зняў фільм «Аблога Алькасара», які заваяваў прыз «Кубак Мусаліні» на 8-м Венецыянскім кінафестывалі 1940 года.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Бітвы ў Іспаніі
Катэгорыя·Бітвы і аперацыі грамадзянскай вайны ў Іспаніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Таледа
Катэгорыя·Аблогі XX стагоддзя
Катэгорыя·Канфлікты 1936 года
Катэгорыя·1936 год у Іспаніі